Начальніку Беларускай Чыгункі Марозаву Уладзіміру Міхайлавічу
Мы, грамадзяне Рэспублікі Беларусь, якія пражываюць недалёка ад чыгуначнай станцыі “Параф’янаў” або рэгулярна наведваюць гэтую мясцовасць, просім разгледзець нашыя прапановы аб унясенні зменаў у расклад руху пасажырскіх цягнікоў.
З 10 снежня 2017 года Беларуская чыгунка ўводзіць у рух цягнікі рэгіянальных ліній бізнэс-класа №739 Мінск – Полацк і №740 Полацк – Мінск. Паводле расклада, які абвешчаны Беларускай Чыгункай, гэтыя цягнікі будуць праходзіць станцыю “Параф’янаў” без прыпынку.
Паміж станцыяй “Параф’янаў” і Мінскам, Маладзечнам існуе сталы пасажырапаток. У навучальных установах Мінска і Маладзечна навучаюцца многія выпускнікі школ у гэтай частцы Докшыцкага раёна. Многія жыхары Мінска і Мінскай вобласці маюць сваякоў у гэтых ваколіцах, і часта наведваюць іх. Жыхары гэтага рэгіёна часта выязджаюць у Мінск па сваіх асабістых справах.
На сённяшні дзень большасць пасажыраў ездзяць да Мінска цягнікамі рэгіянальных ліній эканом-класа з перасадкай па станцыі Маладзечна, затрачваючы на паездку каля 4 гадзін. На лініі Маладзечна – Крулеўшчына курсуюць толькі дзве пары такіх цягнікоў, праз што пасажыры маюць мала варыянтаў для планавання паездкі, а час курсавання для многіх нязручны. Яшчэ больш нязручнай, з прычыны начнога часу, ёсць паездка на цягніку №625 і 626. Цягнік №683, які курсаваў па пятніцах і якім карысталіся многія пасажыры каб даехаць да станцыі “Параф’янаў”, у раскладзе пасля 10 снежня 2017 года не пазначаны.
Нагадваем, што згодна з пунктам 4 Правілаў перавозак пасажыраў і багажу чыгуначным транспартам агульнага карыстання ў Рэспубліцы Беларусь, зацверджаныхпастановай Міністэрства транспарта і камунікацый Рэспублікі Беларусь 21.04.2008 №57, “Цягнікі рэгіянальных ліній бізнэс-класа (…) маюць прыпынкі па маршруце руху на чыгуначных станцыях і прыпыначных пунктах, якія размешчаныя ў населеных пуктах з колькасцю жыхароў больш за 5 тыс. чалавек, у раённых цэнтрах або на адлегласці не далей за 15 км ад іх, у гарадах абласнога падпарадкавання, абласных цэнтрах і горадзе Мінску”.
Станцыя “Параф’янаў” знаходзіцца на адлегласці 10 км ад г. Докшыцы, які з’яўляецца раённым цэнтрам, і звязаная з ім аўтобуснымі зносінамі.
Нагадваем таксама, што кіраўніцтва і дзяржаўныя органы Рэспублікі Беларусь робяць захады на развіццё, недапушчэнне дэградацыі рэгіёнаў Рэспублікі Беларусь. На нашую думку, Беларуская Чыгунка, якая з’яўляецца дзяржаўным прадпрыемствам, павінна ісці ў рэчышчы дзяржаўнай палітыкі і займацца паляпшэннем, а не пагаршэннем транспартнай даступнасці рэгіёнаў.
Прыняўшы пад увагу вышэйпададзеныя аргументы, просім прызначыць цягнікам №739 і №740 стаянку на станцыі “Параф’янаў”.
У выпадку станоўчага разгляду нашага звароту маем намер рэгулярна карыстацца цягнікамі №739 і №740.
Пад гэтым зваротам сёння падпісаліся 125 чалавек. Пазбіраем яшчэ і дашлём кіраўніцтву чыгункі. А ў выпадку патрэбы - будзем абскарджваць у Міністэрства транспарту і камунікацый і Адміністрацыю Прэзідэнта. Акрамя таго, будуць электронныя звароты праз сайт БЧ ад тых, хто гэтымі днямі знаходзіцца не ў Параф'янаве і не можа сам падпісацца.